КАРЫСНА, КАЛІ МАНІТОРЫНГАВУЮ ГРУПУ СУПРАВАДЖАЕ КІРАЎНІК ГАСПАДАРКІ

Жыццё і здароўе чалавека маюць найвышэйшую каштоўнасць. Таму важна прадухіліць няшчасныя выпадкі на вытворчасці, папярэдзіць вытворчы траўматызм. Такая мэта мабільнай групы па аказанні практычнай і метадычнай дапамогі ў выкананні заканадаўства аб ахове працы.

Асаблівая ўвага надаецца сельскагаспадарчым арганізацыям. Справа ў тым, што сельскагаспадарчая вытворчасць мае сезонны характар. У шэрагу выпадкаў спецыялісты працуюць аўтаномна. Пры гэтым на прадпрыемствах АПК прымяняюцца траўманебяспечнае абсталяванне і механізмы.

Члены мабільнай групы намеснік начальніка аддзела працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Марына Корсак і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Анатолій Фурс расказалі аб арганізацыі сістэмы аховы працы ў гаспадарках Маладзечаншчыны.

Як адзначыла Марына Корсак, кіраўнікі суб’ектаў гаспадарання разумеюць, што ўзровень забеспячэння бяспекі працы непасрэдна залежыць ад культуры вытворчасці. Там, дзе бездакорна выконваюцца тэхналагічныя нормы і рэгламенты, з работнікамі не можа здарыцца нічога дрэннага.

Вялікае значэнне мае матэрыяльны фактар. Калі на вытворчасці створаны бяспечныя ўмовы, работнікі будуць працаваць з большай аддачай. Значыць, і заробак будзе вышэйшы. Такая заканамернасць у раёне ёсць.

Спецыяліст паведаміла, што ў час маніторынгаў групу часта суправаджаюць кіраўнікі гаспадарак. Так было, у прыватнасці, у ААТ «Палачаны», СУП «ЯхімоўшчынаАгра». Такая зацікаўленасць прыносіць карысць — многія пытанні вырашаюцца на месцы, заданні адразу даюцца профільным спецыялістам. Увогуле, ад супрацоўніцтва ў сферы аховы працы выйграюць усе: і работнікі арганізацыі, і адміністрацыя, і суб’ект гаспадарання.

— Правядзенне маніторынгаў і абследаванняў стану аховы працы ў арганізацыях — адзін з напрамкаў дзейнасці прафсаюзнага актыву, — сказаў Анатолій Фурс. – Увага надаецца ўсім гаспадаркам Маладзечаншчыны. Да парад і рэкамендацый па ахове працы на месцах прыслухоўваюцца. Узнятыя пытанні вырашаюцца.

Субяседнік зазначыў, што за трэці квартал года Маладзечанскі райкам прафсаюза работнікаў АПК самастойна і ў складзе мабільных груп правёў дзесяць тэматычных маніторынгаў. Грамадскі кантроль выявіў 46 парушэнняў заканадаўства аб працы і па ахове працы, выдадзена 10 рэкамендацый для ліквідацыі недахопаў. Адпаведная работа будзе прадоўжана.

Алег БЯГАНСКІ, фота Аляксей ПЛАТКО